Новыя медыі як інструмент папулярызацыі грамадскай дзейнасці
У недапісаным артыкуле ў англамоўнай Вікіпэдыі адзначаецца, што тэрмін new media першапачаткова апісваў з'яўленне лічбавых, камп'ютэрных ці сеткавых інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогій напрыканцы ХХ стагоддзя.
Ёсць альтэрнатыўны тэрмін - сацыяльныя медыя - гэта медыя, якія дазваляюць размаўляць любым людзям без якіх-небудзь дадатковых грашовых укладанняў. Гэта Twitter, сацыяльныя сеткі, блогі - усё, што мае ў сабе магчымасць такога каментавання, прамых зносін.
Блогі і благасфера
Што такое блог. Паводле вызначэння блог – гэта персанальны сайт, змест якога складаецца ў парадку, супрацьлеглым храналагічнаму. Апошняе дапаўненне не ёсць догмай, але 90% блогаў робяць менавіта такім чынам: новыя запісы, ці «пасты», трапляюць на верх старонкі, што дазваляе лёгка адсочваць змены. У большасці выпадкаў наведвальнікі сайтаў могуць даведацца прозвішча аўтара, але гэта можа быць як рэальнае імя, так і сталы псеўданім — «нікнэйм». У благасферы нават нікнэймы маюць (альбо не маюць) свайго аўтарытэта.
Як правіла, наведвальнікі могуць пакінуць свае каментары, якія будуць даступныя ўсім. Праўда, ёсць і выключэнні, бо часам блогі вядуцца ў нейкіх закрытых прасторах, дзе пакінуць каментары ці проста нешта прачытаць могуць толькі сябры.
Што такое благасфера. Блогі вольна злучаюцца паміж сабой з дапамогай гіперспасылак. У выніку кожны блогер з’яўляецца часткай глабальнай сеткі – благасферы. Паводле New-York Times, кожную секунду ў свеце адкрываецца новы блог.
“Кіты” блогінгу. Існуе шэсць «кітоў» блогінгу (паводле Robert Scouble,
Shel Israel. Naked
Conversations. How Blogs Are Changing the Way Businesses Talk with Customers):
1. Лёгкасць публікацыі. Блог можа апублікаваць кожны. Гэта каштуе нядорага і дае магчымасць пісаць там часта. Кожны пост будзе імгненна дасягальны ўсяму свету.
2. Даступнасць. З дапамогай пашуковых сістэм людзі могуць шукаць блогі па тэмах, аўтарах або па тым і тым. Чым больш вы посціце, тым больш даступнымі робіцеся.
3. Сацыяльны характар. Благасфера – адна вялікая размова. Цікавыя актуальныя гутаркі пераходзяць з сайту на сайт і спасылаюцца адна на адну. З дапамогай блогаў людзі з агульнымі інтарэсамі будуюць сяброўскія зносіны і пераадольваюць геаграфічныя межы.
4. Вірулентнасць. Інфармацыя часта распаўсюджваецца па блогах хутчэй, чым праз інфармагенцтвы. Ні адна форма віруснага маркетынгу не мае хуткасці і эфектыўнасці блогу.
5. Магчымасць сіндыцыравання. RSS дае магчымасць даведвацца аб абнаўленнях блогу, на які вы падпісаны.
6. Узаемазвязанасць. Кожны блог можа быць звязаны з любой колькасцю блогаў з дапамогай спасылак, таму кожнаму блогеру даступны мільёны яго калег.
Карысць ад блогаў. Некалькі словаў пра карысць, якую могуць атрымаць стваральнікі блогаў. Гэта можа быць зарабленне грошаў, але я на сёння ведаю ў Беларусі літаральнага аднаго чалавека, які на блогу зарабляе грошы. На апошнім конкурсе кантэнт-праектаў гэта быў блогер з Гродна, які робіць «Медицинский блог врача скорой помощи» . Аўтар блогу Андрэй казаў, што ў якасці ўрача хуткай дапамогі зарабляе менш за заробак на сваім блогу.
Калі браць агулам, то блогер заводзіць свой блог таму, што яму ёсць што сказаць. Ён хоча мець зносіны з аднадумцамі ў благасферы, што вельмі лёгка зрабіць. Ён хоча распаўсюдзіць свае погляды на больш шырокую аўдыторыю.
Блогер можа прыцягнуць увагу СМІ да пэўнай праблемы. Прыкладам можа быць друкаванне ў «Комсомольской правде» в Белоруссии» фотаздымкаў блогераў, якія былі затрыманыя пасля разгону намётавага мястэчка на Кастрычніцкай плошчы ў сакавіку 2006 года. Блогер можа імкнуцца ўплываць на фармаванне грамадскай думкі ці імкнуцца лабіраваць свае інтарэсы.
Этыка блогераў. Першую параду, якую даюць новым блогерам, калі тыя пытаюцца, як сябе паводзіць у блогасферы, — пачытаць чужыя блогі, паглядзець, як сябе паводзяць людзі ў блогах. Але падобным чынам мы паводзім сябе, калі трапляем у новую кампанію… Часам узнікае пытанне, пра што пісаць блог? Пра што нельга пісаць? І як сабе паводзіць, каб не быць прыцягнутым да адказнасці?
Для вядомых асобаў (палітыкаў, журналістаў, зорак), якія вядуць свае прыватныя блогі, істотным таксама з’яўляецца пытанне аховы прыватнага жыцця. Бо ў сваіх дзённіках яны могуць даць магчымасць іншым перайсці гэтую мяжу. Бывае і так, што сам чалавек не жадае нічога паведамляць пра сябе, але ягоныя сябры выкладваюць, напрыклад, у «Одноклассниках» фотаздымкі з лазні ці іншых прыватных месцаў.
Пакуль што ў журналістаў няма выпрацаванай сістэмы, як з гэтым паступаць з пункту гледжання этыкі. Як правіла, журналісты звычайна не адмаўляюцца ад той інфармацыі, што да іх трапляе. Тым больш, што няма практыкі, як змагацца з пераходам мяжы прыватнасці, асабліва тады, калі не ты сам, а нехта іншы размясціў гэтую інфармацыю.
Самарэгуляванне ў благасферы. Некалькі словаў пра пытанне самарэгулявання ў блогерскай прасторы. Калі нехта хоча пісаць у нейкую суполку, то ён мусіць падпарадкоўвацца правілам гэтай суполкі. Зразумела, што ў суполках звычайна забароненая ненарматыўная лексіка, забароненыя допісы не па тэме (off topic). Разам з тым, у благасферы ёсць яшчэ такі панятак, як «лытдыбр» — прыватны дзённік, у якім чалавек піша пра сябе, што хоча. І гэты блог — ужо не частка супольнасці.
Блогеры з дастатковай павагай ставяцца да чужога аўтарскага прадукту і ставяць спасылкі на тое, адкуль узяты запазычаны тэкст ці фотаздымак. Калі новы чалавек з’яўляецца ў блогасферы і не ведае гэтых правілаў, яму звычайна пра гэта кажуць. Калі ён не паважае гэтыя правілы, то звычайна да яго ставяцца горш і выказваюць сваю непавагу.
Але ў свядомасці блогераў ёсць прыватная ўласнасць і ёсць, так бы мовіць, «калгасная» уласнасць, якую можна «прысабечыць» нейкім спосабам. Гэта тычыцца тых медыяструктураў, якія маюць свой медыяпрадукт, які блогерам вельмі хочацца атрымаць, і яны знаходзяць спосабы, як абыйсці законы аб аўтарскім праве.
Усе, напэўна, памятаюць ажыятаж, які быў напярэдадні выхаду сёмай кнігі пра Гары Потэра. Яшчэ за 5 дзён да афіцыйнага выхаду кнігі нехта невядомы сфатаграфаваў кожную старонку і выклаў яе ў файлаабменную сетку Bittorent, пасля чаго яна была перакладзеныя на некалькі моў. У ЖЖ паўстала кам’юніці pereskaz, у якім ахвотнікі падзялілі раздзелы кнігі і сталі перакладаць на рускую мову. У рэжыме рэальнага часу можна было назіраць, як з’яўляліся тэксты, вычытваліся, карэктаваліся, а фаны тут жа дзяліліся ўражаннямі.
Ахвотнікі перакладалі кнігу па кавалачках і казалі, што гэта простае «цытаванне». Аднак гэтыя кавалачкі хутка склаліся ў адну кнігу, якая стала даступнай у Інтэрнеце раней, чым друкаваная кніга з’явілася ў крамах.
Праўда, урэшце рэшт, народная творчасць саступіла ў канкурэнцыі па якасці перакладу некамерцыйнаму праекту Potter’s Army.
ЖЖ - найбольш папулярная блогпрастора ў беларусаў. Пры падвядзенні папярэдніх вынікаў 2009 году на канферэнцыі "Дзелавы Інтэрнет" генеральны дырэктар УП "Надзейныя праграмы", "бацька" партала TUT.BY Юры Зісер паведаміў, што карыстальнікамі Livejournal.com (Жывога журнала) у Беларусі з'яўляюцца 47 тысяч чалавек.
Крыху пра модныя мікраблогі
У Беларусі з'явілася супольнасць прыхільнікаў новай сацыяльнай сеткі, пабудаванай на прынцыпах мікраблогінгу, -Twitter.
Са словам twitter асабіста я сутыкнуўся, калі збіраў інфармацыю пра сто дзён кіравання новага амерыканскага прэзідэнта Барака Абамы. Англійскі дзеяслоў "to twitter" азначае "шчабятаць". На афіцыйным дзярждэпаўскім сайце у сваім блогу Мішэль Остейн Брукс прапанавала пашчабятаць пра першыя сто дзён прэзідэнцтва Барака Абамы. Мне спачатку падалося, што гэта будзе чат з Абамой, але гэта было не так.
Ну дзе гэта бачна, каб першыя асобы дзяржаваў уступалі ў двухбаковыя нефармальныя зносіны з простымі людзьмі. У лепшым выпадку яны звычайна вядуць публічны дзённік (як прэзідэнт Ірану Махмуд Ахмадзінежад) або пад выглядам блогу вывешваюць відэазвароты (як прэзідэнт Расіі Дзмітры Мядзведзеў). Зносіны ж з наведвальнікамі блога праходзіць ўсё ж такі праз прэс-службу.
Якое ж у мяне было здзіўленне, калі я знайшоў блог Барака Абамы. Гэта асабістыя запісы, а не трансляцыя навін прэс-службы, як у выпадку з прэзідэнтам Украіны Віктарам Юшчанкам.
Зрэшты, некаторыя СМІ з сусветнай вядомасцю таксама ўжо пачалі "шчабятаць", хоць Twitter стартаваў зусім нядаўна - у 2006 годзе, а на постсавецкай прасторы яго заўважылі ў 2008 г. Па звестках HubSpot, аўдыторыя Twitter складае каля 5 мільёнаў чалавек, 70% якіх зарэгістравалася у сэрвісе ў 2008 годзе.
Існуе лакальная беларуская Twitter-супольнасць. Паводле яе арганізатара Арсенія Краўчанкі, не трэба шукаць менавіта адрозненне Twitter ад звыклых блогаў, сацыяльных сетак і віртуальных пэйджэр, накшталт ICQ або Skype. "Гэта штосьці сярэдняе паміж звыклымі блогамі, сацыяльнымі сеткамі і чатамі кшталту IRC", - лічыць ініцыятар стварэння супольнасці беларускіх карыстальнікаў Twitter.
Па словах Арсенія Краўчанка, бліжэй усяго да разумення сутнасці Twitter графа "статус" ў сацыяльных сетках Facebook, MySpace, дзе карыстальнік піша штосьці накшталт: "Сёння выбіраю падарунак для жонкі". З іншага боку, гэта можа быць геніяльная ідэя, якая вас наведала або чыёсьці выказванне, якое вас захапіла і якое вы хочаце абмеркаваць з сябрамі.
Прастор для фантазіі шырокі, але мікраблог абмежаваны 140 сімваламі. Кажуць, што менавіта ў гэтым і заключаецца фішка сэрвісу. Я спытаў у Арсенія, як карыстальнікі новага сэрвісу вырашылі самі сябе называць? "Мы яшчэ самі не вызначыліся. У англійскай мове ёсць слова" twipeople ", а ў беларускай і рускай аналагаў пакуль няма. Часцей за ўсё нас называюць "твітаране", хоць яшчэ ёсць і "твітарчане".
Трэба зазначыць, што ўсе беларускія тэлеканалы, інфармацыйныя агенцтвы і большасць СМІ маюць свае Twitter-версіі. У большасці выпадкаў яны арганізаваныя праз RSS трансляцыю абнаўленняў сайта.
Паўлюк Быкоўскі, медыяэксперт, загадчык аддзела палітыкі газеты «Белорусы и рынок»
Поўны тэкст Паўлюка Быкоўскага чытайце, калі ласка, на сайце: http://actngo.info/by/node/647
Абмеркаванне:
Пакiнуць каментар
