Беларусь запрасілі да ўдзелу ў распрацоўцы агульнаэўрапейскай моладзевай дэклярацыі
Такую прапанову агучыў сёньня міністру
адукацыі Беларусі Аляксандру Радзькову кіраўнік дэлегацыі з Савету Эўропы Ральф-Рэнэ Вайнгертнэр.
Сустрэча па распрацоўцы дэклярацыі пройдзе ў 2010 годзе. Таксама агучаная
прапанова далучыцца Беларусі да праекту «Моладзевая карта», якая дае
магчымасьці моладзі на зьніжкі ў музэях, тэатрах, хостэлах у час
вандровак па Эўропе.
Моладзевая карта дапамагае вывучаць
культуру іншых краінаў — на ільготных умовах наведваць музэі,
выставы, тэатры. Прапанова далучыцца да такой магчымасьці перададзеная
міністру адукацыі кіраўніком дырэктарату Савета Эўропы па пытаньнях
моладзі і спорту
Але па словах Радзькова перад
тым як падпісваць дакумант, неабходна правесьці яго эканамічны аналіз.
Дзяржава, якая падпісвае частковую дамову па моладзевай картцы, мусіць
узяць на сябе абавязак у прадастаўленьні зьніжак уладальнікам картак.
Таксама ў час перамоваў Радзькоў
адзначыў пра жаданьне беларускага боку прымаць удзел у эўрапейскіх
праграмах па адукацыі і моладзевай палітыцы.
Афіцыйнае запрашэньне да ўдзелу
ў Першай агульнаэўрапейскай моладзевай канфэрэнцыі (1st Pan-European Youth
Conference), дзе плянуецца абмеркаваньне моладзевай дэклярацыі, будзе дасланае
бэльгійскім міністрам па справах моладзевай палітыкі. Прадстаўнікі Савету
Эўропы прапанавалі запрасіць да ўдзелу ў супольных праграмах
ня толькі прадстаўнікоў беларускіх міністэрстваў, але й моладзевыя
аб’яднаньні.
Паводле Белта
Абмеркаванне:
Пакiнуць каментар
